ЗМЕ́НЫ МО́ЎНЫЯ,

разнастайныя моўныя працэсы, якія прыводзяць да адрозненняў пэўнай мовы ад яе самой у папярэднія часы. Знешнія З.м. ахопліваюць змены ў адносінах грамадства да мовы (напр., пашырэнне ці звужэнне грамадскіх функцый мовы, распаўсюджванне пэўнай мовы на іншамоўных тэрыторыях, наданне мове статусу дзярж. або рабочай мовы і інш.). Унутраныя З.м. аб’ядноўваюць змены ў самой моўнай сістэме: у фанетыцы і фаналогіі (напр., развіццё дзекання і цекання ў бел. мове, змена тыпаў націску ў гісторыі слав. моў), у граматыцы (напр., выпрацоўка ў індаеўрап. мовах мадэлей складаназалежных сказаў, страта скланення назоўнікаў у балг., франц. і англ. мовах), у лексіцы і фразеалогіі (напр., станаўленне тэрміналогій), стылістыцы (напр., фарміраванне канцылярска-юрыд. стылю старабел. мовы ў справаводстве, дзелавых актах і Статутах ВКЛ). У канкрэтных мовах асобныя З.м. падпарадкоўваюцца заканамернасцям моўнай дыяхраніі і могуць прыводзіць да моўнай дывергенцыі або канвергенцыі, а таксама да змен тыпалагічнага характару (гл. Тыпалогія моўная).

Н.Б.Мячкоўская.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)